ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ САБО́ЛКАЎСКІ, Здань камень,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1999). Знаходзіцца за 500 м на ПнУ ад в. Саболкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 4—8 см), шэрага кварцу (зярняты 0,3—1 см) і крышталямі біятыту, рагавой падманкі. Даўж. 4 м, шыр. 3,3 м, выш. 1,2 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 8,5 м³, маса 22,6 т. Прынесены ледавіком каля 20—17 тыс. г. назад з наваколляў г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. Частка каменя адколатая ўдарам маланкі. З валуном звязана шмат легенд. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)